
Багародзіца ў тысячу разоў часьцей сустракаецца на карцінах, чым у Біблейскіх тэкстах. Але марак, прысьвечаных нараджэньню Марыі, адзінкі. Таму вельмі прыемна, што ў 1996 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла Блёк з маркай, на якой разьмешчаны відарыс іконы, намаляванай Пятром Яўсеевічам з Галынца ў 1649 годзе «Нараджэньне Маці Боскай». Ікона зьберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі
Пад сьветлакарычневым балдахінам з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на пасьцелі пад чырвонай коўдрай, аблакаціўшыся на падушкі, сядзіць Ганна ў сінім адзеньні і белай з чырвонымі затканымі палосамі намітцы. Побач стаяць служанкі з дарамі. Справа сядзіць Ёакім з кіем у руцэ. На пярэднім пляне – сцэна купаньня Маткі Боскай дзьвюма служанкамі. Гэта адзіны падпісаны аўтарам твор сярод твораў 17 ст. на Беларусі. Пётр Яўсеевіч намаляваў этнаграфічна дакладную карціну сялянскага быту Магілёўшчыны. Але будзем памятаць, што Маці Боская нарадзілася ў Ізраільскім горадзе Назарэце. Там прайшло дзяцінства Марыі.

Частка карціны Барталоме Эстэбана Мурыльё «Нараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцы» (Люўр, Парыж) разьмешчана на марцы пошты Сьра Леонэ (1994 г.)
Мастак паказаў, што нараджэньне Маці Божай адбылося ў асяродзьдзі бязьмернай любові, ў кругу анёлаў, якія клапаціліся пра яе з моманту яе нараджэньня.
