Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі

Энтані Ван Дэйк, «Святы Еранім». Блёк пошты Гранады (1999 г.)


Давайце зробім спробу паказаць дзеі вызваленьня чалавецтва праз паштовыя выданьні. Марка, уведзеная да штодзённага ўжываньня ў 19 ст., гэта доказ выкананьня паштовай аплаты. Разам з тым гэта наклееная на пісьмо мініяцюра, якая разам з пісьмом і яго зьместам пераадольвае граніцы моў і культур, злучаючы людзей і народы.

Пакажам з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Для таго, каб ня толькі разгледзець мініяцюрныя малюнкі, але як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць. Толькі тады марка вучыць, забаўляе і выхоўвае.

Лявон Карповіч

Мястэчка Луна-Воля

Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста

Нараджэньне Маці Божай

Незадоўга да Нараджэньня Хрыста ў невялікім горадзе Галілейскім Назарэце жылі праведныя Ёакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвятара Аарона. Яны ня мелі дзяцей. А гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, так успрымалі іх стан суайчыньнікі. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служэньня ў храме дзіця, калі яго пашле ім Гасподзь. Аднойчы старац Ёакім прыйшоў у Ерусалімскі храм, каб прынесьці Богу ахвяру. Але першасьвятар не прыняў ахвяру, бо лічыў Ёакіма нявартым гэтага з-за бязьдзетнасьці. У вялікім смутку Ёакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Ганна, даведаўшыся што здарылася з мужам, таксама шмат і шчыра малілася. «Усё на зямлі прыносіць плод свой Богу; калі б у мяне было дзіця, я таксама прысьвяціла б яго Богу». Не паспела яна так падумаць, як зьявіўся перад ёй анёл і сказаў: «Ганна, твая малітва пачута Богам. У цябе скора народзіцца дачка; цераз яе будзе дадзена выратаваньне усяму сьвету і назавеш ты яе Марыяй. Імя гэта азначае «Ўзвышаная».

Анёл зьявіўся і Ёакіму і сказаў: «Бог прыняў малітву тваю і яўляе табе сваю мілату – жонка твая скора народзіць дачку Марыю, і народзінамі яе ўзрадуецца ўся зямля. І вось табе знаменьне: ідзі да храма Ерусалімскага і там, ля Залатых варот, сустрэнеш жонку тваю, каторай павядомлена тое, што і табе»


Поделиться

Добавить комментарий

Прокрутить вверх