Абрад абразаньня адлюстравалі на сваіх марках пошты Гішпаніі (1969 год, фрагмэнт карціны Алонса Кано і Лібэрыі (1983 г., фрагмэнт карціны Рафаэля)
Згодна Закону Госпада кожны першынец прысьвячаецца Богу. Таму, калі Ісусу споўнілася шэсьць тыдняў, Яго прынесьлі ў раскошны Ерусалімскі храм, каб скласьці адпаведную ахвяру як за першынца ды за ачышчэньне Маці, як сказана ў Законе Гасподнім, двух галубоў альбо двух галубіных птушанят (Паводле Лукаша 2:22—39).

На паштовай марцы Парагваю з 1970 года постаці старца Сымона і прарочыцы Ганны. Гэта рэпрадукцыя карціны Ганса Мэмлінга. На блёку Аргентыны, выдадзеным у 1990 годзе, бачым галубіных птушанят у руках Язэпа
Кожная назва ў Эвангельлі не зьяўляецца выадковай і адлюстроўвае розныя асьпекты сьвята. Так «Ачышчэньне» азначае выкананьне Закону Майсеевага, бо Закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад «крыві», а потым адразу прынесьці щ храм ахвяру за сваё ачышчэньне.
Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэньня, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэньне дзіцяці ёсьць заўсёды чыстым і блаславёным. Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, ёсьць знакам праклёну, які Бог наклаў на Еву за непаслушэнства і патрабуе ачышчэньня. Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду.
Нараджэньне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасьля Ўваскрэсеньня прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзьверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці. Але Яна прыйшла ў Храм, каб выканаць Закон, хаця не мела ў гэтым патрэбы. Яна прынесла ў Сьвятыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну – Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.