У 2005 годзе пошта Бразіліі выпусьціла прыгожы блёк з рэпрадукцыяй карціны мастака Оскара Пэрэйры да Сільва. Пастухі падзіўляюць Дзіцятка ў ясьлях
На полі блёку бачым Бэтлеемскую зорку і трох вандроўнікаў, якія рухаюцца за ёю. Хто яны? У левым куце бачым, што гэта тры каралі, тыя каму належыць наступнымі адведаць Збавіцеля. Над усімі Сьвяты Дух у выглядзе галуба, і лятаюць навокал вясёлыя і радасныя анёлкі.
Нарадзіўся Збаўца, а большасьць паводзіць сябе як бы нічога ня здарылася! Напэўна габрэі чакалі, што Мэсія зьявіцца ў залатой калясніцы, якая спусьціцца з неба, ці яшчэ ў які дзіўны, алё адпаведны падзеі, спосаб? Народзіны ў стайні ніяк не адпавядалі чаканьням. Ці мы не жывем такімі самымі пачуцьцямі? Молімся, просім Бога дапамагчы і чакаем на цуд, не зважаючы, што Бог пасылае людзей, якія гатовы нам дапамагчы, але мы на іх увагі, не звяртаем таму, што чакаем анёла? Гэта як у тым анекдоце, калі людзі, уцякаючы ад навадненьня, хочуць забраць з сабой сьвятара. Але ён адмаўляецца, гаворачы, што верыць у Боскую дапамогу. Вада ўсё прыбывае, зноў падплываюць людзі і клічуць сьвятара. Але сітуацыя паўтараецца. Праз некаторы час вада даходзіць да вежаў храма і новыя людзі, убачыўшы сьвятара, які чапляецца за званьніцу, каб не патануць, клічуць яго да лодкі. Але сьвятар рашуча адмаўляе, бо верыць у цуд. Нарэшце вада затапіла і вежы храма, так што сьвятар патануў. Па сьмерці стаіць перад Богам і з крыўдаю гаворыць: так верыў у Цябе і што? А Бог на гэта кажа: дурань, тры разы пасылаў табе дапамогу, чаму не скарыстаў?