Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі

Нарадзіўся вам сёньня Збаўца

Слова сталася целам і пасялілася між намі.

Паводле Яна 1:14

Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем.


У 1981 годзе пошта Вялікабрытаніі выпусьціла сэрыю марак «Каляды вачыма дзяцей». На адной зь іх Язэп і Марыя набліжаюцца да Віфлеему


Ад Назарэту да Віфлеему было болей двухсот кілямэтраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую цяжкую для падарожжа, нават здаровым і сільным, Самарыю. Якая адважная была Марыя!


На марцы Новай Зэляндыі, надрукаванай у 2000 годзе, цяжарная Марыя на осьліку ў суправаджэньні Язэпа вандруюць па Самарыі да Віфлеему. Галаву Марыі ахінае німб, Язэп пяшчотна глядзіць на жонку


Мастак Пітэр Брэйгель (Нідэрлянды, Фляндрыя) у 1566 г. намаляваў карціну «Перапіс у Віфлееме» (Брусэль. Каралеўскі музэй вытанчаных мастацтваў). Пошта Бэльгіі ў 1969 г. выпусьціла марку, на якой вылучыла з карціны дэталь – Язэп з Марыяй, якіх цяжка знайсьці на карціне недасьведчанаму гледачу


Маленькі пахілены чалавечак вядзе за сабой осьліка, на якім сядзіць кабета ў зялёнай накідцы. Ніхто на іх не зьвяртае ніякай увагі. Ніхто не здагадваецца, што тут народзіцца Сын Божы.

І, пакуль сям’я змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.


Поделиться

Добавить комментарий

Прокрутить вверх