
На марцы (1979г.) бронзавая панэль Якопа дела Квэрча (Jacopo della Quercia (1428—29)) «Аб’яўленьне Захарыі»
Калі хлопчык нарадзіўся, родныя хацелі назваць яго так, як бацьку, Захарыем, але Елісавета настойвала на тым, што сына трэба назваць Янам. Гэта пацьвердзіў і Захарыя, напісаўшы імя «Ян» на паперы, і ў гэтую хвіліну да яго вярнуўся дар мовы.

Яшчэ адна марка Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, выдадзеная ў 1979 г., адлюстроўвае барэльеф «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» на бронзавай панэлі Якопа дела Квэрча
Ян – ад габрэйскага біблейскага імя Johanan («Бог ёсьць міласэрны»). Гэтае імя – самае папулярнае сярод благаславёных і сьвятых, агульная лічба якіх перавышае дзьве сотні.

У 2004 годзе пошта заходнеафрыканскай краіны Сьера Леонэ выпусьціла паштовы ліст, прысьвечаны 300-годзьдзю Санкт-Пецярбургу «Мастацкія скарбы Эрмітажа». На адной з марак дэталь карціны Тынтарэта «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» (1554 г.)
Тынтарэта вельмі дакладна паказаў сцэну, якая ўзьнікае ў доме з зьяўленьнем на сьвет маленькага чалавека.
У вялікім пакоі, дзе ў глыбіні пад полагам стаіць ложак парадзіхі, клапоцяцца жанчыны. Далёкім ад агульнага хваляваньня застаецца толькі бацька Яна, Захарыя, які абліччам нагадвае сівавалосых і натхнёных прарокаў. Ні на каго ня гледзячы, ён стаіць у баку, прыклаўшы рукі да грудзей і падняўшы погляд да нябёсаў; яго аблічча ўвасабляе пакорлівасьць волі Бога.