Калі дзяўчынцы споўнілася 14 гадоў, першасьвятар сказаў ёй, што настаў час пакінуць храм, дзе яна правяла 11 гадоў, і ў адпаведнасьці з габрэйскім Законам павінна ўзяць шлюб.
Сарамліва і пакорліва прасіла будучая Маці Божая, каб дазволена было ёй застацца ў храме і служыць Богу, бо паклялася ў вечнай чысьціні. «Але калі Бог хоча іначай, – сказала яна, – хай спаўняецца Яго сьвятая воля».
Першасьвятар, зьдзіўлены такім мудрым адказам, пераказаў яго ўсім сьвятарам для прыняцьця рашэньня. Галасы падзяліліся. Некаторыя лічылі, што, няма такога звычаю і таму не выпадае каб дзяўчынка засталася ў сьвятыні. І, нарэшце, што ў Ізраілі лічыцца грахом, калі жанчына не дае народу патомства. Другія былі такога меркаваньня, што нікога нельга прымушаць да шлюбу, асабліва гэта датычыцца Марыі, для якой, здаецца, у Бога ёсьць свае пляны. Яшчэ іншыя казалі, што трэба ў агульнай малітве прасіць Бога адкрыць Яго волю. Гэта прапанова ўсім спадабалася, таму ўсе сьвятары пачалі маліцца пры ўсіх людзях, як раптам пачуўся голас, каб першасьвятар склікаў усіх маладых людзей з племя Давіда. Кожны зь іх павінен прынесьці сухую пальмавую галінку. Чыя галінка зазелянее, той павінен быць нарачоным Марыі.
