Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі
Развагі над зьместам Бібліі
Лявон Эдвардавіч Карповіч
© Лявон Эдвардавіч Карповіч, 2019 ISBN 978-5-4496-1958-7 Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Біблія і філятэлія
Наказваю вам: любіце адзін аднаго.
(Яна 15:17)
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)
Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам. Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.
Паводле дадзеных Уікліф Глябальны Альянс Біблія даступная для чытаньня ў 471 мове – гэта родная мова прыкладна 4,8 мільярдаў чалавек. Біблія перакладалася ўжо ў далёкай старажытнасьці. Першы пераклад Старога Запавету, зроблены ў трэцім стагодзьдзі да нашай эры. Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову, якая выкарыстоўвалася ў набажэнстве, стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382—406 гадах.